СПУСКА́ЛЬНЫ АПАРАТ,
касмічны апарат ці яго частка для спуску і мяккай пасадкі на паверхню Зямлі ці інш. нябеснага цела. На пілатуемых касм. апаратах С.а. — герметычная кабіна, у якой знаходзіцца экіпаж, на аўтам. (беспілотных) — капсула з прыборамі. Спускаецца з тармажэннем па балістычнай траекторыі ці па траекторыі планіруючага спуску.
Мае сістэмы прызямлення, кіравання рухам, тэрмарэгулявання, радыёсувязі; С.а. пілатуемых караблёў — дадаткова крэслы і пульты касманаўтаў, сістэму жыццезабеспячэння, перагаворныя і тэлевізійныя ўстройствы і інш. Корпус вырабляецца з метал. сплаву, мае герметычныя люкі (для выхаду экіпажа, парашутнай сістэмы і інш.); трываласць павышаецца за кошт выкарыстання скідвальнага перад пасадкай цеплаахоўнага экрана і сотавых элементаў днішча, якія дэфармуюцца пры пасадцы. С.а. мае сферычную ці конусападобную форму; апошняя забяспечвае планіруючы спуск, што дае магчымасць знізіць перагрузкі, правесці кіравальны спуск і інш. (С.а. касм. караблёў «Саюз», «Апалон» і інш.).
У.С.Ларыёнаў.
т. 15, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)